vPinsk.by
» Старажытны горад Пінск. Мы жывем.
» Старажытны горад Пінск. Мы жывем.



    Старажытны горад Пінск. Мы жывем.


    Як і ў сівой старажытнасці, так і зараз глядзіцца ў бруістыя хвалі Піны горад, за плячыма якога дзевяць вякоў, 900 год няпростага шляху да сучаснасці.

    Стагоддзе таму з'явіліся на свет першыя паштоўкі, на якіх быў адлюстраваны тагачасны Пінск. Фатографы, ці як іх яшчэ называюць, майстры светапісу, мясцовыя і заезджыя, дзесяцігоддзе за дзесяцігоддзем ствараюць мастацкі вобраз горада.

    Пінск сённяшні перарос вежы сваіх касцёлаў і цэркваў. Захаваўся гісторыка-архітэктурны цэнтр горада. Яго аснова - шэрагавая забудова канца ХІХ - пачатку ХХ стагоддзяў. Гэта каля 200 дамоў, што знаходзяцца па вуліцах Леніна, Савецкай, Заслонава, Харужай, Горкага, Завальнай. Архітэктурна-
    мастацкія накірункі і будаўнічыя дасягненні эпох унеслі ў вокнавы воблік Пінска рысы пластычнага барока, строгага класіцызму, сталічнага шыкоўнага мадэрну, мудрагелістага эклектызму, практычнага і разам з тым эстэтычнага заходняга канструктывізму.

    Велічна пазіраюць на сучасны горад "архитэктурныя ветэраны" - калегіум езуітаў (ХVІІ ст.), варты ўключэння ў спіс ЮНЕСКА, касцёлы Карла Барамеуша (ХVІІІ ст.), Успення дзевы Марыі - Малая базіліка і кляштар францысканцаў (XVI - ХVІІІ ст.). На берасцейскім шляху знаходзіцца прыдарожная
    капліца (ХVІІ ст.).

    Менывіта гэта спадчына майстэрства старых дойлідаў стварае фон, на якім развіваецца сучаснае горадабудаўніцтва. Новыя пабудовы набываюць рысы былых стыляў, абмяжоўваюцца па этажнасці, захоўваецца прынцып радыяльна-паўкальцавой планіроўкі кварталаў гістарычнага цэнтра.

    За 900 год Пінск так і не адважыўся ступіць на паўднёвы бераг Піны. Але ён імкнецца да гэтага,и шырачыся ва ўсе бакі. І хто ведае, можа, у трэцім тысячагоддзі, пад'ехаўшы да горада з боку Століна, убачым не толькі прывычную на працягу стагоддзяў панараму прырэчнага горада з велічнымі
    езуіцкімі мурамі, палымянымі дахам касцёла, але і новыя вуліцы, што будуць узірацца ў павольную плынь палескай ракі.


    "Пінск - адзін з самых
    улюбёных маіх гарадоў".


    У. Караткевіч.


    Поделитесь этим материалом со своими знакомыми и друзьями: